У добры час
"Беларуская Крынiца"…
Крынiцы… Як добра вядомае гэтае слова. Калiсьцi яны бруiлiся па ўсёй нашай зямлi, паiлi ў съпёку сасьмяглых падарожных касцоў на сенажацях, пастухоў на пасьбе, з iх бралi ваду для хатнiх патрэб. Яны не перасыхалi нi ў летнюю засуху, нi ў зiмовую сьцюжу, калi мароз скоўваў усё навокал. Бо iх жывiла сама мацi-зямля. Але потым прыйшлi мелiяратары i не стала крынiц. Мелiяратары зямлi, яны сьцьвярджалi, што паляпшаюць прыроду, а на самой справе губiлi яе. I загубiлi.
Але ёсьць яшчэ i iншыя крынiцы. Крынiцы нашае духоўнасьцi, сьвядомасьцi, маралi, ўсьведамленьня свайго паходжаньня, адданасьцi бацькоўскай зямлi, нацыянальнае годнасьцi. I тут прайшлi са сваiм няшчадным iдэялагiчным нарогам мелiяратары - мелiяратары душ людскiх, мелiяратары нашай гiстарычнай памяцi, нашай культуры, мовы, традыцый. Яны спаборнiчалi мiж сабою, каб паболей вынiшчыць сьвятыняў, беларускiх школ, перакроiць гiсторыю на свой лад, навязаць сваю псеўдакультуру, замянiць высакародныя асновы чалавечай, народнай маралi пошласьцю, нялюдзкасьцю, спусташэньнем душ. I тут мелiяратары духоўнасьцi, гэтаксама, як i мелiяратары зямлi, шмат чаго дамаглiся.
Сёньня паўстала нялёгкая задача - аднавiць страчанае за дзесяцiгодзьдзi духоўнай мелiярацыi. Нялёгкая - бо аднаўляць, будаваць значна цяжэй, чым разбураць, зьнiшчаць. Да таго ж яшчэ пры заўзятым супрацьдзеяньнi пэўных, уладу маючых, сiл, пасьля многiх дзесяцiгодзьдзяў летаргiчнага сну народа. Але няма вечнае зiмы, няма вечнае ночы. Над нашаю зямлёю абуджаецца вясна - вясна надзей i неадольнага iмкненьня да лепшае долi роднага краю. I ноч, вельмi не хочучы гэтага, вымушана адступiць пад нацiскам сьвятла. Аднаўленьне ўсяго, што страчана, адраджэньне таго, што стварылi продкi для нас на працягу многiх стагодзьдзяў, адбудова незалежнага палiтычнага, эканамiчнага i культурнага жыцьця Беларускае Дзяржавы, далучэньне яе да сусьветнае супольнасьцi незалежных, свабодных народаў, як роўнай з роўнымi, вольнай з вольнымi - гэтага вымагае наш час, наша будучыня. Незалежная, дэмакратычная Беларусь - гэта мэта дзейнасьцi i газэты "Беларуская Крынiца", якая пад жалезнай запрудаю мелiяратараў духоўнасьцi не крынiчыла шмат часу.
Першы нумар яе пад назовам "Крынiца" выйшаў у Петраградзе 8(21) кастрычнiка 1917 г. - у час бурных падзей у Расiйскай дзяржаве, гэтай змрочнай вязьнiцы народаў, за кратамi якой быў i беларускi народ. У 1918 г. трэцi нумар газэты выйшаў у Менску. А з 7 верасьня 1919 г. яна стала выдавацца у Вiльнi, з 1925 г. пад назовам "Беларуская Крынiца". На яе старонках асьвятлялася дзейнасьць Беларускае Хрысьцiянскае Дэмакратыi, жыцьцё беларускага народа ва умовах тагачаснай Польшчы, ягонае змаганьне за лепшую долю, за свае правы. Матэрыалы газэты не падабалiся уладам, таму многiя нумары газэты выходзiлi з белымi плямамi. 58 нумароў газэты было канфiскавана, шмат разоў улады спынялi выхад яе. 12 лiпеня 1940 г. лiтоўскiя савецкiя ўлады забаранiлi выданьне газэты. На 768 нумары яна спынiла сваё iснаваньне. Але праз паўстагодзьдзе у лютым 1991 г. з 769 нумара "Беларуская Крынiца" была адроджана i выходзiла ў Менску да 1997 г. На гэты раз яна была зачынена ужо беларускай уладай.
З траўня 2006 г. газэта "Беларуская Крынiца" пачынае сваё iснаваньне у электронным варыянце i будзе выкарыстоўваць беларускую, расейскую i ангельскую мовы.
У добры час "Беларуская Крынiца" працаваць на адраджэньне роднае Бацькаўшчыны!